Что интересно - упоминаются фамилии и родные места многих форумчан. Надеюсь, что этого текста еще здесь не было
Смутак па Ідыліі
http://anatolsidarevic.livejournal.com/45700.htmlГады тры таму ў Алены Васілевіч спыталіся:
– Алена Сямёнаўна, ці сніцца Вам Слуцк?
– Я вам скажу праўду: не сніццца – адказала пісьменніца. – Часам я ўспамінаю, якім ён быў. Але я не магу сказаць, каб Слуцк з’яўляўся мне ў снах.
Мне Слуцак таксама не сніцца.
У адрозненне ад пісьменніцы, я памятаю цалкам саветызаваны горад, у цэнтры якога знаходзілася Бязбожная (!) горка, на якой стаялі чыйсьці драўляны дом, драўляная гарадская бібліятэка ды мураваны дом культуры – калі так можна сказаць, нашчадак слуцкага праваслаўнага сабора, які аднаго разу ва ўспамінах пра стары Слуцак апісала Алена Васілевіч і які я бачыў на здымку. Да 1964 года ад старога горада засталіся хіба што будынак гімназіі, у якім вучыўся і я, дом, у якім на другім паверсе размяшчалася рэдакцыя раённай газеты, ды палацападобны будынак шляхецкай зборні (цяпер там краязнаўчы музей). Гэты невялікі горад быў у той час звышмілітыразаваны: вайсковы гарадок ледзь не сядзеў на вайсковым гарадку. Першы гарадок, дзявяты, дзясяты, дванаццаты... І таму ў горадзе было шмат, па-слуцку кажучы, навалачы. Тут асядалі адстаўнікі і запаснікі. Дух горада быў прасякнуты саветызмам. Мяне, шаснаццацігадовага, які ўпершыню трапіў з Заходняй Беларусі ва Ўсходнюю, агаломшыў расійскі мат. Я чуў яго і ў Заходняй, але ў Слуцку, здавалася, уся атмасфера была прасякнутая расійскім матам. І віннымі выпарэннямі.
Паступова я зразумеў, чаму Слуцак гэтак мілітарызаваны і саветызаваны. Але спачатку трэба было зразумець, чаму Случчына дала гэтулькі людзей для беларускае культуры і беларускае дзяржаўнасці, чаму менавіта на Случчыне адбылося самае масавае антысавецкае паўстанне.
У тым Слуцку, у які я, ужо даволі начытаны і ўжо непапраўны беларус, трапіў у сярэдзіне 1960-х, трэба было шукаць беларусаў. І я знайшоў іх. Куды больш, чым сам Слуцак, мяне захапілі і закахалі ў сябе палявыя і лесавыя, бліжэйшыя і далейшыя ваколіцы горада. Дзякуючы ім я, пінчук, стаў случаком. І многія случакі былі ўпэўненыя, што я – тамтэйшы, карэнны. Патрыёт Случчыны Ян Скрыган, пішучы ў 1985 годзе, дэдыкацыю на тытульнай старонцы першага тома сваіх выбраных твораў, назваў мяне сваім земляком.
Хоць клічаўскі чалавек і аднакашнік Алены Васілевіч (былы вучань Слуцкага педагагічнага вучылішча) Анатоль Кудравец і раіць нам не вяртацца на сцежкі, па якіх мы хадзілі маладымі, хоць і сам я ведаю, што ніякае радасці тая хадзьба не прыносіць, а толькі смутак і горыч, усё ж падбіваю малодшых ды прыаўтамабіленых літаратараў аднойчы паехаць на Случчыну.
Ведама, не ўсю Случчыну аб’ездзіць хочацца мне (яна, гістарычная, надта вялікая), а завітаць у той лесавы яе куток, які мяжуе з гістарычнай Бабруйшчынай – цяперашнім Любанскім раёнам. Дзе Заграддзе, Паўстынь, Кублішча, Мерашыно і Рабак. Дзе Ліпнікі і Боркі, у якіх нарадзіўся журналіст Міхась Тычына. І Урэчча, якое на пачатку 1960-х далучылі да Любанскага раёна і ў якім кароткі час паміж “пасадкамі” настаўнічаў пісьменнік Сяргей Грахоўскі.
У тую старану колісь ездзілі са Слуцка праз Ячава, Казловічы і Заграддзе.
Заграддзе і было б першым пунктам нашага падарожжа. Тут варт было б запыніцца, і фотаздымкі зрабіць, і выкласці іх у інтэрнэце ды напісаць: тут, у вёсцы, у якой у час рэвалюцыі 1905 года адбылося сялянскае выступленне, на радзіме харавога дырыжора Станіслава Дробыша, знаходзілася славутая Урэцкая мануфактура. Дармо, што нашы гісторыкі пішуць ды пішуць, што мануфактура знаходзілася на Урэччы, Аляксандр Ельскі даўно давёў, што мануфактура была ў вёсцы Заграддзе і што гэтая каталіцка-праваслаўная вёска была прыпісана да маёнтка Урэчча, таму таму і мануфактура Урэцкая. Не шкодзіла б у Заграддзі і раскопкі правесці: а раптам знойдуцца якія падмуркі, рэшткі вытворчасці?
З Заграддзя цераз чыгунку мы выбраліся б у Паўстынь. Не ведаю ці захавалася яна, але ў 1960-х на паўстынскіх могілках мне паказвалі абнесеную жалезнай абгародкай магілу Казіміра Астроўскага, які даводзіўся бацькам прэзідэнту Беларускай Цэнтральнай Рады. Аб той пары ў Паўстыні яшчэ жылі дзядзькі і цёткі, якія памяталі маладога Радаслава Астроўскага і інакш, як Радосем, яго не называлі.
Пра Паўстынь і паўстынцаў цэлую кнігу магла б напісаць доктар філалогіі прафесар Таццяна Дасаева. Гэта па мужу яна Дасаева, а ад бацькі ў яе тутэйшае прозвішча – Жук. Трапляюцца ў Паўстыні Жаўрыды, Кацэлы, Чаратуны, Стасюкі, Васілевічы, але Жукоў найбольш. З гэтага прозвішча, памятаю, любілі кпіць шляхцюкі, але гэтае прозвішча насіў не адзін годны чалавек: і бацька Таццяны Дасаевай, настаўнік і паэт, і заслужаны настаўнік Беларусі Іван Жук...
Пра даўнейшую Паўстынь шмат магла б сказаць і сказала Алена Васілевіч, бо і яе бацька паходзіў з гэтае вёскі, і яна сама вучылася тут пачатковай школе.
Яна, Паўстынь, калі хто чытаў аповесць Алены Васілевіч “Расці, Ганька”, знаходзілася за паўднёваю мяжою краіны Ідыліі – таго кутка, дзе нарадзілася і расла гераіня аповесці, дачка шляхцянкі і мужыка. А паўднёваю мяжою Ідыліі былі “ржавае Кляпчанскае балота і Шэндэраў брод”. Чаму балота Кляпчанскае, таго я не ведаю, а брод названы імем урэцкага анучніка Шэндэра (па-беларуску Аляксандра), якога там праглынула балота.
За маёю памяццю, у сярэдзіне 1960-х, ужо не было ні Кляпчанскага балота, ні Шэндэравага броду. Былі толькі назвы. У той час у Паўстынь са Слуцка ўжо дабіраліся іншаю дарогай, не праз Ячава і Казловічы. Калі табе не выпадала ехаць цягніком да раз’езду Паўстынь, ты мог аўтобусам паехаць са Слуцка на Вясею, з Вясеі на Мялешкі, Папоўцы ды Боркі, а там ножкамі праз Барэцкі лес ды на засценак Ліпнікі. Тут, у колішняй Даманшчыне (уладанні пана Даманскага), Балвановічы, Бараноўскія, Гурыновічы і Няронскія купілі ў другой палавіне ХІХ стагоддзя няўдобіцы ды ляды, акультурылі іх і пасяліліся засценкам (нейкіх дванаццаць двароў). Тут на сваіх 20 дзесяцінах гаспадарыў патомны шляхціц Рыгор Гурыновіч. Тут у яго нарадзілася дачка Ганна Ждановіч-Гурыновіч, якой собіла выйсці за паўстынскага мужыка Сямёна Мацвеевага Васілевіча (яшчэ і ў 1960-х жыхары тамтэйшых вёсак карысталіся старою формаю: Іван Мікалаеў Жук, Кацярына Сцяпанава Арастовіч). Час быў новы, рэвалюцыйны, саслоўі юрыдычна ліквіданыя, і старому шляхціцу, дзеду Грысю, цяжка было з гэтым змірыцца, прывыкаць да новых парадкаў і завядзёнак.
Як яно было далей, можна ўведаць з шмат у чым аўтабіяграфічнай тэтралогіі Алены Васілевіч. І з таго што напісала і апублікавала ды яшчэ маецца апублікаваць Таццяна Дасаева. Мусіць, нешта абавязкова напіша ды апублікуе і сын пісьменніцы, вядомы наш фалькларыст Уладзімір Васілевіч. Я ж добра памятаю той час, калі першая аповесць гэтае тэтралогіі з’явілася ў часопісе “Маладосць”. Гэта здаецца, што нас ніхто не чытае. Адно напішыце пра якую канкрэтную мясцовасць – і там абавязкова пойдзе пагудка: чулі, як наша сяло апісалі? Не скажу, як прынялі гэты твор засцянкоўцы, бо не гутарыў з імі, а ў Паўстыні пагалоска пайшла. Абмяркоўвалі і ў настаўніцкай тамтэйшай (тады) васьмігодкі, і па хатах. Сельскі чалавек як ставіцца да твора? У яго крытэрыі два: праўдзіва ці непраўдзіва, складна ці няскладна апісаныя ў ім мясцовасць, людзі і абставіны. Паўстынцы незадаволенасці творам Алены Васілевіч не выказалі. Наадварот, хвалілі сваю зямлячку. І ганарыліся: наша, Васілевіч. Упэўнены: і сёння ганарацца.
Можна сказаць, што праз выказванні паўстынцаў я пазнаёміўся з Аленай Васілевіч бліжэй, бо ведаў яе яшчэ раней – з таго часу, як убачыў яе кніжку “Заўтра ў школу”. Здаецца, я хадзіў тады ў першы клас. То было завочнае знаёмства. Ці не ў 1966 годзе, калі была апублікавана першая аповесць тэтралогіі, пачалося маё асабістае знаёмства з пісьменніцай. З Паўстыні праз былы Шэндэраў брод і былое Кляпчанскае балота я ўвайшоў на тэрыторыю Ідыліі, каб праз яе трапіць на слуцкі аўтобус. Там, у Ідыліі, у Ліпніках, мы, як мне помніцца, мы пазнаёміліся асабіста. Было лета, быў сонечны дзень, прырода раскашавала... Калі я пішу няпраўду, Уладзімір Васілевіч (ён быў тады зусім хлопчык) мяне паправіць.
Вось туды, дзе краіна Ідылія, дзе Паўстынь, дзе Урэчча (у гэтым мястэчку Алена Васілевіч скончыла сямігодку), мне чамусьці хочацца з’ездзіць. Хоць і раіць нам аднакашнік Алены Васілевіч, Анатоль Кудравец, не хадзіць па сцежках маладосці, хоць і сам я ведаю, што тая хадзьба прынясе адно смутак і горыч, хоць і кажуць мне, што ў Ідыліі засталася адна-адзіная хата...
Анатоль Сідарэвіч