| Палівач Сообщений: 630 На сайте с 2006 г. Рейтинг: 398
| Наверх ##
19 февраля 2014 23:13 11 мая 1862 г. да магілёўскага губернатара звярнуўся з прашэннем галоўны аканом чачэрскага маёнтка графа Чарнышова-Круглікава калежскі асэсар Фальцін. Ён паведаміў, што іншаземцы рыма-каталіцкага веравызнання, якія працуюць на Асінаўскай гуце (цяпер вёска Асінаўская Гута), колькасцю 40 сем’яў (125 душаў), звярнуліся да яго з просьбай пабудаваць пры гуце драўляную капліцу для часовага адпраўлення ў ёй набажэнстваў, а таксама ўладкаваць могілкі. Гута знаходзілася за ракою Сож, за 40 вёрстаў ад Чачэрска, у якім былі касцёл і каталіцкія могілкі. У вясенні і восеньскі час даехаць з гуты ў Чачэрск было надзвычай складана, бо Сож разліваўся на чатыры вярсты. Калі хто-небудзь з членаў сем’яў работнікаў гуты ў такі час хварэў і жадаў паклікаць ксяндза для споведзі, ксёндз мог прыехаць толькі праз тры дні, калі хворы часта ўжо паміраў. З-за адсутнасці на гуце капліцы памерлых трымалі да пахавання ў хатах, і ў вясенні і летні час гэта станавілася пагрозаю заражэння жыхароў. Таму Фальцін прасіў губернатара дазволіць яму пабудаваць на гуце драўляную капліцу і пры ёй — могілкі. Губернатар загадаў рагачоўскаму земскаму спраўніку сабраць звесткі па гэтай справе. Высветлілася, што месца, дзе аканом хацеў пабудаваць капліцу, знаходзілася ад чачэрскага касцёла за 45 вёрстаў, ад журавіцкага — за 50, ад чэрыкаўскага і касцюкоўскага — за 70, ад рагачоўскага — за 80 вёрстаў. За 12 вёрстаў была капліца ў Рудні, але майстры гуты, увесь час занятыя на працы, не маглі адлучыцца туды на набажэнства. Гута, дзе прапаноўвалася пабудаваць капліцу, знаходзілася ў балоцістай і лясной мясцовасці, і дабрацца адтуль да бліжэйшых касцёлаў было надзвычай складана, асабліва калі разліваўся Сож. На гуце пражывалі 124 іншаземцы мужскога полу, 122 жаночага і яшчэ 100 католікаў знаходзіліся ў ваколіцах. Духоўная кансісторыя дала дазвол на ўладкаванне капліцы і могілак27.
27 Тамсама. Ф. 822. Воп. 125. Спр. 1208. Арк. 14, 15.
Магілёўскі губернатар 25 кастрычніка 1862 г. паслаў рапарт аб дазволе на будаўніцтва капліцы ў Міністэрства ўнутраных справаў. У лютым 1863 г. ён атрымаў адказ, падпісаны віцэ-дырэктарам Дэпартамента духоўных справаў Шульцам. У дакуменце была просьба да губернатара, каб той паведаміў, ці ёсць на гуце і ў ваколіцах праваслаўнае і, асабліва, былое уніяцкае насельніцтва, і калі ёсць, то якая колькасць. Ці маюць яны сваю царкву, а калі не маюць, то на якой адлегласці знаходзіцца бліжэйшая праваслаўная царква? І, нарэшце, ці не будзе каталіцкая капліца шкодна ўплываць на былых уніятаў?28
28 Тамсама. Арк. 16.
На гэта магілёўскі губернатар 5 кастрычніка 1863 г. адказаў, што калі з канторы маёнтка графа Чарнышова-Круглікава былі запатрабаваныя гэтыя звесткі, прыйшоў адказ, што ва ўладкаванні капліцы неабходнасці ўжо няма29.
29 Тамсама. Арк. 17.
 |