Наверх ##
26 июня 2016 20:29 http://nasledie-sluck.by/ru/sluchina/books/6042/У маі 2016 года мінскае выдавецкае прадпрыемства «Белстан» выпусціла ў свет тыражом 80 экзэмпляраў кнігу жыхара горада Слуцка А. Жука «1920 год на Случчыне». Яна адрасуецца ўсім, хто цікавіцца мінуўшчынай роднага краю. Як мяркуе аўтар, 1920 год – адзін з самых насычаных падзеямі ў гісторыі Случчыны ў ХХ стагоддзі. Пра гэта сведчаць акупацыя яе тэрыторыі польскімі войскамі, антыпольскае падпольна-партызанскае супраціўленне, публічны расстрэл палякамі чатырнаццаці слуцкіх партызан, баі падраздзяленняў Чырвонай Арміі і партызанскіх атрадаў супраць палякаў за вызваленне Случчыны, усталяванне ў нашым краі савецкай улады і спроба арганізацыі мірнага жыцця, яшчэ адна польская акупацыя слуцкіх земляў, дзейнасць Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны і Беларускай Рады Случчыны, Слуцкі збройны чын, аднаўленне ў Слуцку і Слуцкім павеце савецкай улады. Трэба мець на ўвазе, што тагачасная грамадска-палітычная сітуацыя на Случчыне нярэдка набывала драматычны характар, а некаторыя падзеі дзесяцігоддзямі замоўчвалі афіцыйныя гісторыкі і прадстаўнікі ўладных структур. Напрыклад, ці многа вы ведаеце пра дзейнасць Беларускага нацыянальнага камітэта Случчыны? А пра культурна-асветніцкае таварыства «Папараць-кветка»? Пра гэта і многае іншае А. Жук расказаў у гістарычна-краязнаўчым нарысе, у аснову якога пакладзены архіўныя дакументы, успаміны ўдзельнікаў і відавочцаў падзей 1920 года, энцыклапедычныя даведнікі і шэраг іншых матэрыялаў. Пра абгрунтаванасць падыходу аўтара да даследаванага пытання гавораць выкарыстаныя ім 39 найменняў у раздзеле «Літаратура і крыніцы», якія паслужаць дадатковай інфармацыяй для тых, хто зацікавіцца названай тэмай. Набыць кнігу «1920 год на Случчыне» можна ў мінскім магазіне «Акадэмкніга». Паколькі аўтар працягвае даследаваць тэму 1920-х гадоў на Случчыне, то ён з удзячнасцю прыме слушныя заўвагі і прапановы чытачоў (anatol.zhuk@[ресурс заблокирован]). |