Аўцюкі Вялікія і Малыя
Сярод жыхароў гэтых населеных пунктаў Калінкавіцкага раёна жыве паданне аб тым, што Вялікія і Малыя Аўцюкі набылі сваё імя ў часы аддзялення ад рускай праваслаўнай царквы часткі веруючых, якія не прызналі царкоўных рэформаў патрыярха Нікана, што праводзіліся з 1654 года. У той час вялікая колькасць уцекачоў быццам бы асела ў мясцінах, дзе цяпер размешчаны згаданыя вёскі. Гэтых людзей так і звалі па колькасці пасяліўшыхся - вялікія і малыя ўцёкі. Ад слова ўцёкі, згодна з паданнем, і пайшла назва вёсак - Вялікія і Малыя Аўцюкі.
Аднак гісторыя Аўцюкоў пачыналася задоўга да сярэдзіны XVII стагоддзя. Як высветліў калінкавіцкі краязнаўца I. Гарыст, найбольш ранняя з вядомых сёння звестак пра Аўцюкі (першасным з'яўляецца населены пункт Вялікія Аўцюкі, Малыя ж Аўцюкі
ўзніклі як выселак з асноўнай вёскі) датуецца 1552 годам, калі быў складзены адзін з вопісаў Мазырскага замка. У гэтым дакуменце між іншым ішла гаворка і аб прыпісцы да замка навакольных вёсак і аб павіннасцях іх жыхароў. Такім чынам, вытокі назвы, якая нас цікавіць, трэба звязваць зусім не з уцекачамі з межаў Русі-Масковіі, прыхільнікамі старой веры.
I тым не менш, у пераказаным паданні ў завуаліраванай форме паведамляецца, на наш погляд, пра рэальныя падзеі, у прыватнасці, пра перасяленне, вынікам якога і стала ўзнікненне Аўцюкоў. На чым грунтуецца гэтае наша меркаванне?
Вядомы этнограф I. А. Сербаў у кнізе "Поездкі по Полесью 1911 і 1912 годов" (Вільна, 1914) пісаў пра насельніцтва Аўцюкоў наступнае: "Аўцюк- перш за ўсё жыхар поўдня, брунет, сярэдняга росту і прыгожага целаскладу. Гаворыць ён скарагаворкай з паўднёварускім акцэнтам, зусім адвольна скарачаючы словы... Акрамя таго, у гаворцы аўцюкоў добра захаваліся формы і звароты рускай прамовы".
Антрапалагічная, галоўным чынам, характарыстыка аўцюкоў і дазваляе думаць, што ўцекачамі, пра якіх ідзе гаворка ў мясцовым тапанімічным паданні, маглі быць перасяленцы з поўдня, з тэрыторыі Маларасіі (Украіны). Перасяленне гэтае адбылося не ў 1552 годзе, а раней, бо ў інвентарным вопісе згадваецца вёска, якая ўжо склалася і гаспадаром якой стаў нехта Герасім Калантай пасля таго, як купіў яе ў папярэдніх гаспадароў - "земян" Заройскіх (зямянамі называлася катэгорыя ваеннаслужылага насельніцтва Вялікага княства Літоўскага, частка феадальнага саслоўя). Насельніцтва вёскі ў 1552 годзе складалася з 17 сялян, “людей господарских айтючицких". Літара “й" у дадзеным выразе, відаць, перадавала гук [ў], для якога ў кірыліцкай (“рускай”) графіцы не было асобнай літары. ці сведчыла аб нейкай асаблівасці мясцовага вымаўлення геаграфічнага імя.
Першаснай формай назвы Аўцюкі з'яўляецца форма Аўцюцевічы, якая, дарэчы, згадваецца ў кнізе I. А. Сербава. Аб гэтай жа першаснай форме назвы вёскі ўскосна сведчыць і прыметнік “айтючицкие' з вопісу Мазырскага замка 1552 года. У аснове назвы Аўцюцевічы ляжыць “калектыўная мянушка” аўцюцевічы, якая датычылася ўсіх першых жыхароў - заснавальнікаў вёскі. Аўцюцевічы - гэта патомкі ці падданыя нейкага Аўцюты ці Аўсюты. У сваю чаргу Аўсюта, Аўцюта- гэта народны гутарковы варыянт мужчынскага імя Яўціхій ці Яўсей (апошняе - менш верагодна). Неафіцыйныя формы асабістых імёнаў, якія ўзнікалі
ў жывой народнай гаворцы, нярэдка ператвараліся ў прозвішчы: Арцём - Арцюх, Карніла - Карнусь, Мацвей - Мацюха, Барталамей - Барташ і г. п. Ад імя Яўціхій утварыліся таксама прозвішчы Еўтух і Яўтух (Еўтухоў).
Скарочаная форма назвы вбскі Аўцюцевічы - Аўцюкі - паступова замацоўвалася ўжо ў сярэдзіне XVI стагоддзя, аб чым сведчыць запіс “село Айтючл" усё ў тым жа вопісе Мазырскага замка. Форма “Айтючц" з’яўляецца прамежкавай паміж формамі Аўцюцееічы і Аўцюкі. Нічога неславянскага, небеларускага, напрыклад, цюркскага, мы тут не бачым Можна толькі яшчэ раз спаслацца на I А. Сербава, які пісаў пра адвольнае скарачэнне слоў у гаворцы аўцюкоў.
(А.Ф.Рогалеў. Назвы бацькаўшчыны (тапанімія Беларусі).Гомель.2008. С.17-19.)