sang США Сообщений: 1251 На сайте с 2009 г. Рейтинг: 2334 | Наверх ##
5 октября 2010 21:40 Продолжение
УЗДЗЯНКА, былы маёнтак на тэрыторыі сучаснага Уздзенскага сельсавета. У 2-й палове XIX — пачатку XX ст. у складзе Уздзенскай воласці Ігуменскага павета. На 1886 г. працаваў вінакурны завод. У 1909 г. 1 гаспадарка, 70 жыхароў. Паводле перапісу 1917 г., 190 жыхароў. Зараз у межах г.п.Узда.
ХАРОМІЦКІЯ, вёска ў Лашанскім сельсавеце. Паселішча вядома з XVI ст. Упамінаецца ў 1590 г. Належала Булгарыным, уваходзіла ў іх маёнтак Прысынак. Да 1793 г. знаходзілася ў складзе Рэчы Паспалітай, потым — Расійскай імперыі. У XIX — пачатку XX ст. вёска Уздзенскай воласці Ігуменскага павета. Паводле перапісу 1897 г., 45 двароў, 279 жыхароў, хлебазапасны магазін. У 1909 г. 39 двароў, 262 жыхары. У 1910 г. адкрыта народнае вучылішча. Паводле перапісу 1917 г., 44 двары, 235 жыхароў. Пасля рэвалюцыі народнае вучылішча пераўтворана ў працоўную школу 1-й ступені. У 1924 г. для школы ўзведзены будынак з дрэва, накрыты гонтам. У 1924/25 навучальным годзе ў школе вучылася 20 хлопчыкаў і 12 дзяўчынак, настаўнікам працаваў Міхаіл Трус. У 1929 г. створаны калгасы «Зорка» і «Новы быт». У 1931 г. працавалі 2 кузні і стальмашня. На 1.1.2000 г. 50 двароў, 126 жыхароў. Працаваў магазін. Помнік юнаму партызану-разведчыку 200-й брыгады імя К.К.Ракасоўскага, Герою Савецкага Саюза М.І.Казею, устаноўлены на месцы яго гібелі 11.5.1944 г.
ХАТЛЯНЫ, вёска, цэнтр сельсавета і калгаса «Дружба». Паселішча ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах з XVI ст. у складзе Мінскага павета ВКЛ. У розныя часы належала князям Галаўчынскім, Быхаўцам, Завішам, Заранкам-Грабоўскім. 3 XVII ст. вядома як мястэчка. У юрыдычных актах 1663 г. упамінаецца хатлянская карчма. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У XIX — пачатку XX ст. мястэчка, потым сяло Шацкай воласці Ігуменскага павета. У 1886 г. сяло, 58 двароў, 585 жыхароў, праваслаўная прыходская царква. Паводле перапісу 1897 г., таксама сяло, 145 двароў, 888 жы-хароў, прыходская царква, хлебазапасны магазін, пітныдом. У 1909г. 168 двароў, 1150 жыхароў. Насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай, дрэваапрацоўчымі, перавознымі, сплаўнымі промысламі. 3 20.8.1924 г. да 1.4.1960 г., потым з 1996 г. — цэнтр сельсавета. У 1933 г. тут былі калгас імя Дзяржынскага, стальмашня, кузня, 2 ветра-ныя млыны. 3 канца 1930-х гадоў вёска. На 1.1.2000 г. 374 двары, 1166 жыхароў. Пра-цавалі рамонтна-механічныя майстэрні, млын, ветэрынарны ўчастак, лесапільня, аддзяленне раённага камбіната бытавога абслугоўвання, Домкультуры, бібліятэка, сярэдняя школа (ёсць краязнаўчы музей, які з 1995 г. мае званне народнага), амбулаторыя, дзіцячы сад, 2 магазіны, атэлье, гандлёвы цэнтр, аддзяленне сувязі. Археалагічны помнік — курганны могільнік (мае 7 насыпаў). Драўляная Свята-Пакроўская царква — помнік архітэктуры 2-й паловы XIX ст. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Радзіма беларускага вучонага ў галіне геалогіі, акадэміка НАН Беларусі А.С.Махнача.
ЦЕПЛЕНЬ, вёска, цэнтр сельсавета і калгаса «Памяць Леніна». На 1886 г. сяло Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета, 39 двароў, 342 жыхары, праваслаўная царква. Паводле перапісу 1897 г., 85 двароў, 458 жыхароў, царква і хлебазапасны магазін. Паводле перапісу 1917 г., вёска, 89 двароў, 484 жыхары. Паблізу вёскі знаходзіўся маёнтак Цеплень, 1 гаспадарка, 28 жыхароў. 3 20.8.1924 г. цэнтр сельсавета. На пачатку 1930-х гадоў тут былі калгас «Памяць Леніна», стальмашня, шорная майстэрня і 2 кузні. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны 108 двароў, 513 жыхароў. У жніўні 1943 г. нямецка-фашысцкія акупанты спалілі вёску і загубілі 30 яе жыхароў. На 1.1.2000 г. 110 двароў, 312 жыхароў. Працавалі рамонтна-механічныя майстэрні, млын, ветэрынарны ўчастак, лесапільня, комплексны пункт бытавога абслугоўван-ня, базавая школа, Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад, фельчарска-акушэрскі пункт і магазін. Археалагічны помнік — гарадзішча (знаходзіцца на правым беразе р. Цепленька, датуецца VII ст. да н.э. — X ст. н.э.). Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
ЦЯЛЯКАВА, вёска, цэнтр сельсавета. У пісьмовых дакументах паселішча ўпамінаецца з 1582 г. Уваходзіла ў склад Мінскага павета ВКЛ. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі, сяло Уздзенскай воласці Ігуменскага павета. Уласнасць Радзівілаў, з 1857 г. Гарцінгаў. У 1812 г. праз сяло праходзілі войскі французскага корпуса Даву. У 1876 г. працавала карчма. На 1886 г. у сяле 24 двары, 284 жыхары, царква. У канцы XIX ст. адкрыта царкоўна-прыходская школа. Паводле перапісу 1897 г., 66 двароў, 440 жыхароў, прыходская царква і хлебазапасны магазін. У пачатку XX ст. 64 двары, 497 жыхароў. Побач з сялом быў маёнтак Цялякава, 1 гаспадарка, 81 жыхар. Пасля рэвалюцыі адкрыта пачатковая савецкая школа. У 1924/25 навучальным годзе настаўнікі Ігнат Козел і Алеся Лычкоўская вучылі 92 хлопчыкаў і дзяўчынак. 3 20.8.1924 г. цэнтр сельсавета. У пачатку 1930-х гадоў працавалі калгас «Прагрэс», стальмашня, шорная майстэрня, кузня і маслазавод. У Вялікую Айчынную вайну супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў дзейнічала падпольная патрыятычная група (кіраўнік М.Д.Шымановіч). На 1.1.2000 г. 101 двор, 253 жыхары. Працавалі лясніцтва, ветэрынарны пункт, сярэдняя школа, Дом культуры, бібліятэка, комплексны прыёмны пункт бытавога абслугоўвання, фельчарска-акушэрскі пункт, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад, магазін. Помнікі на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан і землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
ЦЯЛЯКАВА, былы пасёлак у Цялякаўскім сельсавеце. У пачатку XX ст. паселішча вядома як маёнтак Уздзенскай воласці Ігуменскага павета, 1 гаспадарка, 86 жыхароў. Паводле перапісу 1926 г., пасёлак, 15 двароў, 81 жыхар. Не існуе з 1978 г.
ЧАМЯРЫЧНАЕ, вёска ў Камянкоўскім сельсавеце. Па пісьмовых крыніцах паселішча вядома з пачатку XX ст. як урочышча Слабада-Пырашаўскай воласці Ігуменскага павета. У 1909 г. 1 гаспадарка, 7 жыхароў. Згодна перапісу 1917 г., тут былі з назвай Чамярычнае ўрочышча (8 двароў, 41 жыхар), фальварак (1 двор, 14 жыхароў) і хутар (1 двор, 7 жыхароў). На 1.1.2000 г. 7 двароў, 10 жыхароў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
ЧАШЫН, вёска ў Камянкоўскім сельсавеце. Паселішча вядома з пачатку XX ст. як засценак Слабада-Пырашаўскай воласці Ігуменскага павета. У 1909 г. у засценку было 12 двароў, 90 жыхароў. Паводле перапісу 1917 г., ваколіца, 16 гаспадарак, 134 жыхары. Паводле перапісу 1926 г., тут былі з назвай Чашын 2 вёскі, у якіх разам налічвалася 19 гаспадарак, 94 жыхары. Мясцовыя дзеці вучыліся ў Канапелькаўскай школе. На 1.1.2000 г. 15 двароў, 28 жыхароў.
ЧУРЫЛАВА, вёска ва Уздзенскім сельсавеце. Па пісьмовых крыніцах вядома з XVI ст. Належала магнатам Радзівілам, потым Ельскім і іншым. Уваходзіла ў склад Мінскага павета ВКЛ. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У XIX — пачатку XX . ст. вёска Уздзенскай воласці Ігуменскага павета. У 1886 г. 49 двароў, 539 жыхароў. У 1904 г. адкрыта народнае вучылішча, школьны будынак узведзены ў 1908 г. У 1909 г. 141 двор, 765 жыхароў. Пасля рэвалюцыі народнае вучылішча пераўтворана ў працоўную школу 1-й ступені. У 1924/ 25 навучальным годзе настаўнікі Паўлюк Ваўчэцкі і Максім Прахарэня вучылі тут каля 80 дзяцей. У пачатку 1930-х гадоў былі калгасы «Чырвоны барацьбіт» і «Камінтэрн», 2 кузні. На 1.1.2000 г. 137 двароў, 286 жыхароў. Працавалі пачатковая школа, клуб, бібліятэка, магазін. Помнікі на брацкай магіле савецкіх воінаў і землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну. Радзіма беларускіх пісьменнікаў А.І.Якімовіча і В.А.Шырко.
ЧЫРВОНАЯ ГОРКА, пасёлак у Хатлянскім сельсавеце. Паводле перапісу 1926 г., 11 двароў, 34 жыхары. На 1.1.2000 г. 34 двары, 100 жыхароў.
ЧЫРВОНАЯ НІВА, вёска ў Хатлянскім сельсавеце. На 1.1.2000 г. 31 двор, 78 жыхароў.
ЧЫРВОНЫ ВУГАЛ, пасёлак ва Уздзенскім сельсавеце. На 1.1.2000 г. 17 двароў, 37 жыхароў.
ЧЫРВОНЫ КЛІН, вёска ў Хатлянскім сельсавеце. На 1.1.2000 г. 21 двор, 50 жыхароў.
ЧЫРВОНЫ ЛЕС, вёска ў Нёманскім сельсавеце. Да 1950 г. называлася Рымашэўшчына. На 1.1.2000 г. тут пастаянных жыхароў не было. Летам жывуць дачнікі.
ЯВІШЧЫ, вёска ў Нёманскім сельсавеце. Паселішча ўпамінаецца з 1920-х гадоў у рукапісных крыніцах. Паводле перапісу 1926 г., хутар, 1 гаспадарка, 9 жыхароў. На 1.1.2000 г. 23 двары, 30 жыхароў.
ЯЗВІНЫ, вёска ў Нёманскім сельсавеце. У пачатку XX ст. засценак Уздзенскай волсці Ігуменскага павета. Паводле перапісу 1917 г., 6 двароў, 27 жыхароў. Паводле перапісу 1926 г., 25 двароў, 132 жыхары. У гэты час вясковыя дзеці вучыліся ў Лунінскай пачатковай школе. У 1933 г. былі калгас «Чырвоны пагранічнік», шорная і сталярная майстэрні, кузня. На 1.1.2000 г. 17 двароу, 22 жыхары.
ЯЛОЎКА, вёска ў Цялякаўскім сельсавеце. Вядома з XIX ст. У час паўстання 1863 — 1864 гг. паблізу вёскі, у лесе адбыўся бой паміж паўстанцкім атрадам П.Дыбоўскага і значна пераўзыходзячым царскім войскам. У няроўным баі загінула 12 паўстанцаў. У пачатку XX ст. вёска Уздзенскай воласці Ігуменскага павета, 52 двары, 333 жыхары. На 1.1.2000 г. 42 двары, 85 жыхароў.
ЯРШЫ, вёска ў Нёманскім сельсавеце. Паселішча ўпамінаецца ў 1592 г. як сяло Яршэвічы Мінскага павета Рэчы Паспалітай. У гэты час тут было 18 сямей, жылі людзі з прозвішчамі Даніловіч, Губа, Валасовіч, Новік, Крупнік, Суднік і іншымі. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У XIX — пачатку XX ст. вёска Магільнянскай воласці Мінскага павета. У 1870 г. 30 двароў. У 1907 г. адкрыта народнае вучылішча. У 1909 г. 57 двароў, 347 жыхароў. Пасля рэвалюцыі народнае вучылішча пераўтворана ў працоўную школу 1-й ступені. У 1924/ 25 навучальным годзе 58 дзяцей вучыў настаўнік Паўлюк Пармон. Паводле перапісу 1926 г., вёска, 86 гаспадарак, 382 жыхары. У 1933 г. былі калгасы імя Сталіна і «Чырвоны ўсход», 2 сталярныя майстэрні і 2 кузні. На 1.1.2000 г. 62 двары, 116 жыхароў. Працавалі клуб, бібліятэка, аддзяленне сувязі, магазін, рамонтна-механічныя майстэрні. Археалагічны помнік — селішча. Помнік землякам, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
ЯСЕНЬ, вёска ў Лашанскім сельсавеце. У пачатку XX ст. на месцы сучаснай вёскі былі 2 паселішчы: вёска (3 двары, 17 жыхароў) і ваколіца (8 двароў, 70 жыхароў). Адносіліся да Слабада-Пырашаўскай воласці Ігуменскага павета. У 1924 г. у вёсцы было 214 жыхароў, ясенскія дзеці вучыліся ў Пырашаўскай школе. У 1929 г. створаны калгас «Чырвоны ясень». У 1933 г. былі стальмашня і кузня. На 1.1.2000 г. 25 двароў, 39 жыхароў.
ЯЧАНКА, вёска ў Азерскім сельсавеце. Паселішча вядома з XV ст. Упершыню ўпамінаецца ў 1491 г. у складзе ВКЛ. У розныя перыяды належала Абуховічам, Быхаўцам, потым Радчанкам. У XVI — XVIII ст. у Мінскім павеце. 3 1793 г. у складзе Расійскай імперыі. У XIX — пачатку XX ст. сяло Дудзіцкай воласці Ігуменскага павета. У 1886 г. 39 двароў, 360 жыхароў, праваслаўная царква, 2 капліцы, заезны двор. Паводле перапісу 1897 г., 108 двароў, 621 жыхар, прыходская царква, капліца, хлебазапасны магазін, піцейны дом, школа царкоўнай граматы. У 1909 г. 100 двароў, 583 жыхары. У 1929 г. тут пабудаваны ганчарны завод «Чырвоны ганчар». Да 1933 г. створаны калгас «Беларусь». Працавалі кузня і сталярная майстэрня. На 1.1.2000 г. 60 двароў, 104 жыхары. Працавалі фельчарска-акушэрскі пункт і магазіны. |